Выстава жывапісу, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва

19 чэрвеня 2019 года а 17 гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва, адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння выдатнага кампазітара, пачынальніка беларускай і польскай нацыянальнай класічнай музыкі Станіслава Манюшкі (1819–1872). З гэтай нагоды 2019-ы год аб'яўлены ЮНЭСКА годам кампазітара. 

Выстава арганізавана ГА «Беларускі саюз мастакоў», каб паказаць малавядомыя старонкі жыцця і творчасці кампазітара ў творах сучасных беларускіх мастакоў. 

Беларуска-польскі кампазітар Станіслаў  Манюшка лічыцца заснавальнікам нацыянальнай беларускай і польскай оперы. Нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні (сённяшні Чэрвеньскі раён) у шляхецкай сям’і. Бацька, Чэслаў Манюшка, сваяк мінскага жывапісца Валенція Ваньковіча, быў добрым графікам. Маці, Альжбета з Маджарскіх, выдатна грала на фартэпіяна. Так пачыналася музычна-мастацкая адукацыя будучага кампазітара: выхаванне маці, літургіі ў храмах, хатні тэатр у маёнтку роднага дзядзькі Юзэфа, нарэшце, народныя спевы, якія не мог не зафіксаваць слых таленавітага юнака. А далей былі заняткі ў Мінскай гімназіі ў класе музыканта і педагога Дамініка Стафановіча (да 1835 года). Затым вучоба ў Вільні і, нарэшце, у рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі К. Ф. Рунгенхагена. Там Манюшка шліфаваў сваё майстэрства дырыжора і кампазітара да 1840 года. 

Слынны даследчык беларускай культуры прафесар Адам Мальдзіс калісьці заўважыў, што Манюшка, выразіўшы нацыянальны дух польскага народа, заняў у яго культуры тое ж месца, што Сметана – у чэшскай, Глінка – у рускай. Але, нарадзіўшыся ў Беларусі і чэрпаючынатхненне з народнай творчасці гэтай зямлі, ён зрабіў неацэнны ўнёсак і ў нашу культуру. 

У экспазіцыі музея прадстаўлены каля 30 твораў сучасных мастакоў, якія распавядаюць аб дзіцячых і юнацкіх гадах Станіслава ў Убеле. Некаторыя працы прысвечаны вучобе ў Берлінскай музычнай акадэміі, сяброўству з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, стварэнні першай беларускай оперы «Сялянка» («Ідылія»). 

Мэта дадзенага мастацкага праекта – падкрэсліць нацыянальную значнасць і ролю ў культуры Беларусі кампазітара Станіслава Манюшкі.

Выстава працягнецца па 4 жніўня 2019 г. 

Адрас: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

Час працы: серада-нядзеля з 11:00 да 19:00. 

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 342 24 26. 

Апошнiя навiны