Выстава жывапісу Алеся Сушы «Мой сад» у галерэі «Беларт» (11.12 – 26.12.2018) 

11 снежня 2018 года а 17-ай гадзіне Мастацкая галерэя Беларт скага саюза мастакоў запрашае на адкрыццё выставы жывапісу Алеся Сушы «Мой сад».

Выстава працягнецца да 26 снежня 2018 года па адрасе: г. Мінск, вул. К.  Маркса, 4. Часы працы галерэі Беларт: Пн. – Пт. З 11.00 да 20.00. Сб. – з 11.00 да 19.00. Нядзеля – выхадны. Уваход вольны.
У экспазіцыі выставы прадстаўлена каля 25 новых жывапісных палотнаў майстра. Пераважная колькасць з іх – пейзажы, створаныя падчас шматлікіх пленэраў у розных кутках Беларусі. Натурныя назіранні за асаблівасцямі разнастайных ландшафтаў і асобных фрагментаў прыродных аб’ектаў пераданы ў характэрнай для мастака свабоднай, экспрэсіўнай манеры. Творы мастака захоўваюць кожны раз непаўторнае хараство хутка змяняемых прыродных станаў. Таксама на выставе будуць паказаны некалькі фігуратыўных кампазіцый майстра з жаночымі постацямі. Пастозная фактура жывапісу Алеся Сушы, абагульненыя каларыстычныя вырашэнні, адсутнасць дэтальнай прамалёўкі ствараюць у выніку эмацыяныльныя і выразныя вобразы беларускага наваколля.
Алесь Суша нарадзіўся ў вёсцы Дамавіцк Чэрвенскага раёна на Міншчыне ў 1963 годзе. З 1974 па 1981 гады вучыўся ў мастацкай школе імя І. Ахрэмчыка. У 1986 годзе скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1989 па 1991 гады стажыраваўся ў творчых майстэрнях у Мінску. Працуе ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве і станкавым жывапісу. З 1991 – сябра Беларускага саюза мастакоў. З 2012 г. – лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за мазаічнае афармленне капліцы ў гонар іконы «Знаменне Прасвятой Багародзіцы» у комплексе памяці ахвяр Першай міравой вайны ў Мінску.
З 1988 года мастак пастаянна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх праектах. Шматлікія групавыя і перасанальныя выставы А. Сушы праходзілі ў Беларусі (Мінск, Брэст, Чэрвень, Лагойск, Мозыр), Расіі (Масква), Чэхіі (Прага, Брно), Польшы (Варшава, Сопот), Германіі (Берлін), Бельгіі (Брюсель), Аўстрыі (Вена) і іншыя. У 2005 г. 
карціны А. Сушы ўдзельнічалі ў таргах аўкцыённага дома Christie’s у Лондане. У 2017 г. па запрашэнню кітайскага ўрада ўдзельнічаў у міжнародным праекце па культурнаму абмену паміж Беларуссю і Кітаем. 
Вынікам дадзенага праекта стала выстава, якая аб’яднала 60 жывапісных твораў 38 кітайскіх і беларускіх мастакоў у галерэі мастацтваў г. Чэнду правінцыі Сычуань (Кітай).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Чэрвеня, Магілёва, Брэста, Пінска, Брянска, Трубчевска, у фондах Міністэрства культуры Арменіі, у прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой. Творы А. Сушы ўпрыгожваюць Палац Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Апошнiя навiны