Выстава Рыгора Сітніцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (9.11 - 9.12.2018)

9 лістапада 2018 г. а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы твораў мастака і паэта Рыгора Сямёнавіча Сітніцы (графіка, жывапіс). Выстава працягнецца да 9 снежня 2018 г.

Творчасці Рыгора Сітніцы ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэалістычная трактоўка формы, сімвалічнасць мастацкай мовы. Таксама ёй характэрна пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей – гісторыі, этнаграфіі, фальклору – як неад’емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

Рыгор Сямёнавіч Сітніца – беларускі мастак-графік, паэт. Лаўрэат літаратурнай прэміі “Полымя” (2001). Лаўрэат літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” (2007). Лаўрэат Рэспубліканскіх біенале жывапісу, графікі, скульптуры (2008, 2010, 2013). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2012). Ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў (2015). Лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017).

Майстар беларускай графікі Рыгор Сітніца нарадзіўся 1 студзеня 1958 года ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і Сямёна і Надзеі Сітніцаў. Пасля заканчэння шостага класа сярэдняй школы на радзіме па рэкамендацыі настаўніка Івана Маліноўскага перавёўся вучыцца ў Мінск, у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, якую скончыў у 1976 годзе. Пасля паступіў на аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1982 годзе. Вучыўся ў В.П. Шаранговіча.

З 1980 года прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставах і літаратурных імпрэзах. З 1983 па 2008 год працаваў выкладчыкам у Рэспубліканскім каледжы мастацтва і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Рыгор Сітніца вядомы як паэт і публіцыст, яго творы друкаваліся ў Беларусі ў часопісах “Полымя” і “Дзеяслоў”, а таксама за мяжой.

Творчасці мастака ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэалістычная трактоўка формы, сімвалічнасць мастацкай мовы. Стылістычная манера мастака надае канкрэтным аб’ектам яго твораў грунтоўную сутнасць сімвалаў, знакаў і выводзіць іх на памежжа, дзе форма, не губляючы сваёй рэалістычнасці, захоўвае рысы абстрактнага вобраза. Ён паказвае рэчаіснасць фрагментарна і выводзіць яе пры гэтым са звычайнага прасторавага кантынуума.

Вобразныя кампазіцыі служаць мастаку дзеля стварэння сакральнай мастацкай прасторы, і ён такім чынам пашырае межы рэалізму ў двух напрамках. Спачатку ён стварае аўтаномныя дакументальныя формы, а потым – новы рэпертуар незалежных ад зададзеных прыродай формаў, ператварае іх ва ўласныя фармуліроўкі, у мастацка-гістарычную дакументацыю.

Улюбёны матыў Рыгора Сітніцы – беларуская матэрыяльная культура, напрыклад, помнікі дойлідства, а таксама хаты з груба абчасаных бярвенняў, насечаныя дровы, штакетнік зімою і інш. У гэтых дакументальных творах ён бачыць магчымасць захаваць для нашчадкаў нацыянальную культурную спадчыну, тым самым абараняючы яе. Але мастак не збіраецца прапаноўваць адлюстраванні, ён імкнецца да выказвання ўбачанага ўнутраным позіркам, бо яго мастацтва звяртаецца да духоўнага бачання, а не да зроку.

Цэнтральнае месца ў творчасці Рыгора Сітніцы, адметнага майстра магічнага рэалізму, належыць духоўнаму ператварэнню ўражанняў мастака і яго рэфлексіі ў вобразна-сімвалічную рэчаіснасць. Вакол гэтага ўвасаблення духоўнага ўяўлення ў вобразе і канцэнтруецца творчая дзейнасць мастака, дзе графічныя і жывапісныя працы дасягаюць узнёслага паэтычнага ўзроўню. І такім чынам распачынаецца дыялог мастацкіх твораў Рыгора Сітніцы з гледачом.

Творы мастака захоўваюцца: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; Мастацкі фонд Беларускага союза мастакоў; Нацыянальны центр сучасных мастацтваў (Мінск); Дзяржаўны літаратурны музей Максіма Багдановіча; Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы; Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; Дзяржаўны мастацкі музей імя П. Масленікава (Магілёў); Полацкая мастацкая галерэя; Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік “Заслаўе”; Музей беларускай культуры ў Гайнаўцы (Польшча); Муніцыпальны мастацкі цэнтр у Бельска-Бяла (Польшча); Муніцыпальны цэнтр культуры ў Дуброве-Беластоцкай (Польшча); Галерэя Андрэя Смолака (Сніна, Браціслава, Славакія); Збор Франца Салеса Грыля (Мюнхен, Германія); Збор Саюза мастакоў Польшчы (Кашалін, Польшча); Елабужскі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны і мастацкі музей-запаведнік (Расія); Мастацкі збор Міністэрства экалогіі Эгейскага мора (Афіны, Грэцыя); Мастацкі збор манастыра Св. Георгія (выспа Касас, Грэцыя); Мастацкі збор Саюза пісьменнікаў Літвы (Вільнюс, Літва); Мастацкі збор сабора Святых апосталаў Пятра і Паўла (Мінск); Прыватныя зборы шматлікіх краін свету.

 

 

Апошнiя навiны