Рэтраспектыўная выстаўка кніжнай графікі Паўла Татарнікава «Pencil & пэндзаль» у галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 

30 кастрычніка 2018 года а 17-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца адкрыццё рэтраспектыўнай выстаўкі кніжнай графікі Паўла Татарнікава «Pencil & пэндзаль».

На рэтраспектыўнай выстаўцы сусветна вядомага кніжнага ілюстратара Паўла Татарнікава «Pencil & пэндзаль» будуць прадстаўлены больш за 90 графічных работ – ілюстрацый да папулярных у Беларусі і за мяжой выданняў. 

У скарбонцы мастака – вобразы гістарычнай Беларусі Анатоля Бутэвіча, Уладзіміра Арлова і Уладзіміра Ягоўдзіка; ілюстрацыі да англійскай і французкай класікі – твораў Уiльяма Шэкспіра і Аляксандра Дзюма; шатландскай прозы – Роберта Льюіса Сцівенсана; кітайскага эпасу «Нябесны iмператар i 10 сонцаў»; беларускіх народных казак і сусветна вядомых казак аўтарства Ганса Хрысціяна Андэрсена; ілюстрацыі да выдання паводле лiбрэта аднайменнай оперы Рыхарда Вагнера «Золата Рэйна» і шмат іншых работ. Графіка Паўла вылучаецца вытанчанасцю, выверанасцю і дакладнасцю элементаў. Кожная дэталь напоўнена глыбокім філасофскім зместам. Можна сказаць, што кожны яго твор – гэта раман, прасякнуты шчырай павагай да прадмета выяўлення.

Павел Юр'евіч Татарнікаў – беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, удзельнік мноства выставак у розных краінах свету, дыпламант і лаўрэат шматлікіх конкурсаў, вядучы мастак у галіне ілюстравання беларускіх казак і гістарычных выданняў.

«Pencil & пэндзаль» – рэтраспектыўная выстаўка графікі мастака, які больш за два дзесяцігоддзі ўпрыгожвае і робіць прывабнымі дзясяткі кніг розных аўтараў, рознага зместу, для аўдыторыі самага рознага ўзросту. 

Запрашаем наведаць выстаўку ў галерэі «Лабірынт» да студзеня 2019 года.

Тэлефон для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 81.

Е-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Апошнiя навiны