Выстава «Далягляды рэальнасці» творчага аб’яднання БСМ «Традыцыя» ў Палацы мастацтва (1.08 - 12.08.2018) 

1 жніўня 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы творчага аб’яднання пры Беларускім саюзе мастакоў “Традыцыя”.

Група мастакоў, якія назвалі сваё аб'яднанне «Традыцыя», паспяхова развіваецца ўжо больш за 10 гадоў.
Асноўны творчы метад “Традыцыі” – рэалістычная форма ўспрымання і адлюстравання навакольнага асяроддзя і чалавека.
У групе працуюць мастакі, якія рэалізуюць сябе ў фігуратыўным жывапісе, пейзажы, партрэце, нацюрморце.
Яны лічаць, што глядач – галоўны спажывец творчага прадукту, сам выбірае для сябе тое асяроддзе эстэтычнага стану, у якім ён адчувае сябе найбольш камфортна.
Аб'яднанне «Традыцыя» у сваім мастацтве не прэтэндуе на зацвярджэнне якіх-небудзь палітычных матываў, але цвёрда верыць у тое, што прадметная рэальнасць дапамагае вызначаць стан душы суб'екта, настройвае яе камертон на тую хвалю гучання, пры якой думка з'яўляецца галоўнай дамінантай. 
У творчым актыве аб’яднання маюцца праведзеныя ў межах дзейнасці Беларускага саюза мастакоў наступныя выставачныя праекты: «Мінск – горад майго юнацтва", "Рубцы нашай памяці», «Спыніся, імгненне», «Тваё скрыжаванне», «Вецер Кастрычніка" і інш.
«Далягляды рэальнасці» – чарговы выставачны праект “Традыцыі”, у якім гледачам прапануецца аўтарскі погляд кожнага з мастакоў сябраў аб’яднання на існуючы свет, свет трывог і надзей. Не выпадкова, што шмат у каго гэты далягляд пачынаецца ад прыступак ўласнага дома. За гэтым даляглядам паўстае маса іншых, якія здольныя заклікаць нас да творчасці, пошуку шляхоў самавыяўлення.
“Мы, ідучы па дарозе жыцця, часам, хацелі б азірнуцца назад, з падзячным словам за мінулыя на ёй сустрэчы. Хтосьці сышоў далёка ад родных мясцін, якія мы называем «Малой радзімай». З якім пачуццём мы суперажываем сустрэчы і растанні з ёй? У кожнага гэтыя сустрэчы – свае, асабістыя. Нас аб'ядноўвае вялікае паняцце – Радзіма. Наблізіцца да праўды пра яе, калі гэта атрымоўваецца, уяўляецца вялікім хваляваннем. Мы хацелі б нагадаць гледачу пра тое выдатнае асяроддзе, дзе мы жывем з вамі. Нам хацелася б, кожнаму па-свойму, зазірнуць і за далягляд дня заўтрашняга.
На творчасць нас натхняе вера ў Вас, дарагі глядач, нашу Айчыну, памяць пра яе мінулае, вера ў сучаснасць і будучыню.”
У экспазіцыі выставы будзе прадстаўлена больш за некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў. Гэта творы заслужаных дзеячаў мастацтваў У.Гардзеенкі, Л.Дударанкі, Н.Апіёка, В.Уродніча; жывапісцаў – Я.Шыбнёва, Б.Федарэнкі, П.Паршына, Г.Лойкі, В.Ткачэнкі, У.Новака, Н.Мішчанкі, Ю.Крупянкова, А.Асядоўскага, Я.Ціханава, Л.Гоманава, А.Піліповіча, В.Хадаровіча, У.Гуназы і інш.

 

Апошнiя навiны