Выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі, у Палацы мастацтва (18.07 - 29.07.2018)

18 ліпеня 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі. 

Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка (20.06.1928 – 14.02.2014) – выбітны мастак Беларусі, які пакінуў неацэнны след у беларускім мастацтве другой паловы ХХ стагоддзя. Сваёй творчасцю, педагагічнай дзейнасцю ён моцна паўплываў на захаванне і развіццё беларускай культуры.
Гаўрыла Вашчанка працаваў у жанры партрэта, нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. У творчасці Гаўрылы Харытонавіча прасочваецца цесная сувязь з беларускай зямлёй, з яго Радзімай – беларускім Палессем. Ён з’яўляецца заснавальнікам беларусскай манументальнай школы. Гаўрыла Харытонавіч перадаў свой вопыт таленавітым майстрам будучага пакалення, многія з якіх з'яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў і зрабілі істотны ўнёсак у выяўленчае мастацтва Беларусі. 

Нарадзіўся ў в. Чыкаловічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці (Беларусь). У 1948 г. скончыў Кіеўскае вучылішча прыкладных мастацтваў, дзе яго выкладчыкамі былі Яблонская Т. Н., Прахаў Н. А. У 1955 г. скончыў Львоўскі дзяржаўны інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва. У 1955-60 гадах выкладаў у Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы Кішынёва (Малдова). У 1961 г. пераехаў у Мінск. З'яўляўся заснавальнікам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1961 па 1997 гады выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1966 па 1975 гады кіраваў майстэрняй пры кафедры жывапісу. З 1975 па 1995 гады загадваў кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Работы мастака сёння захоўваюцца ў калекцыях 28 найбуйнейшых музеяў свету. Творы Гаўрыілы Харытонавіча экспанаваліся ў Аўстрыі, Алжыры, Англіі, Балгарыі, Венгрыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, ФРГ, Чэхаславакіі і іншых краінах. Творы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва, Нацыянальных мастацкіх музеях Малдовы і Балгарыі. У 2002 годзе ў Гомелі была адкрыта Карцінная галерэя Г. X. Вашчанкі. У калекцыі галерэі 121 праца мастака.

Выстава прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння майстра. Яна ўключае ў сабе найбольш цікавыя работы з калекцыяў НММ РБ, Гомельскай карціннай галерэі Г. X. Вашчанкі і калекцыі сям’і мастака.

Выстава будзе працаваць з 18 па 29 ліпеня 2018 года.
Мы працуем:
11.00 – 19.00 штодзень, апрача панядзелка.
Тэлефоны для даведак:
(017) 288 15 49 – Палац мастацтва 
(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны