Выстава Марты Шматавай «Метафары святла» ў галерэі «Мастацтва» (8.05 – 28.05.2018)

8 мая 2018 года а 17 гадзіне ў галерэі "Мастацтва" (г. Мінск, пр. Незалежнасці 12)  адбудзецца адкрыццё выставы Марты Шматавай «Метафары святла». Выстава будзе працаваць да 28 мая.

Марта Шматава:
Мая асноўная тэма — унутраная рэальнасць, станы пошуку і гармоніі. Здольнасць да асацыяцый, уласцівая кожнаму чалавеку. Гэта здольнасць трансфармуе ўражанні і адчуванні, якія дае жыццё ў іншыя светы. І, застаючыся сам-насам, чалавек у большай ступені знаходзіцца ў сваім ўнутраным свеце, чым у вонкавым, падзейным. Мае карціны адлюстроўваюць такія «ўнутраныя светы». Такім чынам, мяне цікавіць не свет дзеянняў, а свет роздумаў і адчуванняў, візуалізуацыя думак чалавека. Гераіні ці героі маіх карцін найчасцей знаходзяцца ў стане пытанняў да саміх сябе. Я засяроджваю свае творчыя даследванні менавіта на фігуры чалавека і яго асабістых пошуках. Мяне цікавіць чалавек, як сталкер у свеце сваёй суб’ектыўнай рэальнасці — заўсёды у пошуку сэнса, гармоніі, самаактуалізацыі. Другая мая пазіцыя — безумоўнае станоўчае прыняцце чалавека. Таму ў супрацьстаянне імклівасці эпохі хуткасцяў я спыняю час у сваіх карцінах. Бо толькі ў цішыні, адсутнасці мітусні і “'бегу на апяражэнне”' чалавек можа прыслухацца да самога сябе, задумацца аб існаванні і аб існым. Каб перадаць гэтае адчуванне замерласці часу, я абіраю адпаведную выяўленчую форму — зробленасць з высокай ступенню дасканаласці.
Мне заўсёды здавалася важным абапірацца на ідэальныя уяўленнi, уяўленнi чалавека ў стане сузірання. Маёй натуры больш блізкая ідэя гармоніі, чым ідэя безвыходнасці. І ў гэтым сэнсе мае вялікае значэнне праблема маштабу. Я стараюся максімальна наблізіцца да маштаба чалавека, асобы, а не брацца за вырашэнне праблем усяго чалавецтва. Гэта падаецца мне важным. Мая творчасць спалучае элементы сімвалізму і сюррэалізму. Працую ў жанры фігуратыўнага мастацтва. Але не ствараю прастору карціны па падабенству з рэальным асяроддзем, а часцей выкарыстоўваю метад калажа, спалучаючы на адным палатне розныя прасторы.
Для мяне вялікае значэнне маюць колеравыя і светлавыя метафары. Сімвалічна колеры і святло адрасуюцца як да эмацыйных феноменаў на падсвядомым узроўні, так і да прадметных асацыяцый — у залежнасці ад ідэі твора. Фармальную структуру карціны ўтвараюць амаль лакальныя коляровыя плямы. У пластычным увасабленні гэтая структура аднолькава напружана па ўсёй паверхні палатна, а дамінанты выяўленыя за кошт найбольш яркіх колераў, а таксама светлавых або ценявых момантаў. Асаблівасць у тым, што колеравыя паверхні адначасна падпарадкоўваюцца і фармальна-абстрактнай арганізацыі палатна, і з’яўляюцца асэнсавана звязанымі з асноўнай ідэяй карціны…

 

Апошнiя навiны