Выстава «Мовай акварэлі» Валерыя і Міхаіла Свістуновых у Нацыянальным мастацкім музеі (26.04 - 21.05.2018)

25 красавіка 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы "Мовай акварэлі" Валерыя і Міхаіла Свістуновых.

Браты Міхаіл і Валерый Свістуновы – вучні выдатнага мастака і таленавітага педагога Івана Міхайлавіча Сталярова – яркія прадстаўнікі Віцебскай мастацкай школы. Іх творам аднолькава ўласцівы пачуццё захаплення прыгажосцю прыроды Беларусі, пакланення перад няяркай гармоніяй і веліччу куткоў і абшараў роднага краю.

Аднак у кожнага з мастакоў свой творчы почырк, сваё разуменне асаблівасцей мастацтва папяровага ліста, як часам называецца пісьмо акварэллю па мокрай паперы, якая патрабуе хуткасці працы, свежасці і бегласці пры перадачы ўражанняў.

Міхаіл Свістуноў выдатна адчуваў асаблівасці зыходнага матэрыялу, стылістычныя эфекты акварэлі, яе складаную мову і сакавітую паўнату. Свабода ў валоданні тэхнічнымі магчымасцямі акварэлі выяўляецца ў яго працах у дакладнасці малюнка, неабходнай у перадачы архітэктурных матываў, у гарманічным кантрасце каляровых плям, стане спакою і раўнавагі, ненадакучлівай статычнасці і тэктонікі малюнка. У іх выразна прысутнічае чацвёртае, часовае вымярэнне.

Акварэлі Валерыя Свістунова носяць хутчэй утульны, інтымны, нават некалькі звычайны характар. Трапяткая, пяшчотная, але складаная мова; гібкі, вытанчаны стыль; найтонкія нюансы і недагаворанасць; шматскладовая сетка асацыяцый – вось характэрныя асаблівасці яго твораў. Плаўная градацыя святла і цені, лёгкія пераходы святлопаветранай перспектывы ствараюць амаль фізічнае адчуванне вясновай атмасферы, напоўненай пахамі травы і кветак, пачуццём свежасці і абнаўлення ў прыродзе.

Акварэлі Валерыя і Міхаіла Свістуновых з поспехам экспанаваліся на выставах у музеях і карцінных галерэях Беларусі, а таксама ў Германіі, Польшчы, Францыі і інш. краінах.

Свістуноў Міхаіл Піменавіч (1946–2010) нарадзіўся ў в. Актавія Крупскага р-на Мінскай вобл. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт). Вучыўся ў І.М. Сталярова, Ф.Ф. Гумена. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1976 года. З 1973 па 1981 год выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Член Беларускага саюза мастакоў з 2000 г. Працаваў у акварэлі, у жанры пейзажа і ў мастацкім праектаванні. Як праекціроўшчык выканаў шэраг аб’ектаў: Дзяржаўны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (асобныя залы), Музей-сядзібу І.Я. Рэпіна, пас. Здраўнёва (Віцебская вобл.), Музей Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка (Мінск), канцэптуальны праект «Прапанова да праграмы стварэння музеяў дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь» (г. Юрмала, Латвія).

Свістуноў Валерый Піменавіч (1949–2007) нарадзіўся ў г. Барысаве Мінскай вобл. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт) у 1976 годзе. Вучыўся ў І.М. Сталярова. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1976 года. Выкладаў у Віцебскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (Мінск). Член Беларускага саюза мастакоў з 1987 г. Працаваў у тэхніцы акварэлі, у жанры пейзажа, нацюрморта. Асноўныя працы: «Зямля мая», «Хлебнае поле», «Песня палёў», «Вячэрняе рэха», «Раніца спелай збажыны», «Дзень міру», трыпціх «Невядомаму салдату прысвячаецца».

Здымкі з сайта Нацыянальнага мастацкага музея

Апошнiя навiны