Выстава Аксаны Еўдакіменка «Колеры і водары» ў галерэі «Мастацтва» (3.04 – 17.04.2018)

3 красавіка 2018 года ў галерэі "Мастацтва" (г. Мінск, пр. Незалежнасці 12)  адбылося адкрыццё выставы Аксаны Еўдакіменка "Колеры і водары". Выстава будзе працаваць да 17 красавіка.

Аксана Еўдакіменка — яркая таленавітая творчая адзінка ў мастацкім асяроддзі нашай краіны. З творчасцю Аксаны знаемы мастацтвазнаўцы, калегі-мастакі, а таксама шматлікія замежныя аматары мастацтва. Аксана актыўны ўдзельнік міжнародных жывапісных сімпозіумаў (Турцыя, Арменія, Іарданія, Македонія), міжнародных мастацкіх конкурсаў і выстаў (Кітай, Літва і інш). 

Выстаўка “Колеры і водары” якраз прысвечана падарожжам апошніх двух гадоў. Экспазіцыя адлюстроўвае шэраг эмоцый і адчуванняў мастачкі, натхненнем для якіх паслужылі іншаземныя краявіды, і ў цэлым новае асяроддзе. Творчасць Аксаны — гэта па-жаноцку лірычны і тонкі жывапіс, напоўнены фантастычна-рэалістычнымі вобразамі, алегорыямі і сімваламі. Мастачка заўседы эксперыментуе ў рамках алейнага жывапісу, спалучае лакальныя плямы і фактуры. Як кажа сама Аксана: ”Калі працуеш падчас творчага сімпозіума, то гэта вельмі складана і цікава адначасова. Складана з-за таго, што існуюць абмежаванні ў часе. Але ж гэтыя нюансы спрыяюць працаваць з большай экспрэсіяй і самааддачай. Нельга прадбачыць канчатковы вынік, атрымоўваюцца нечаканыя жывапісныя эфекты, усё вельмі індывідуальна як для кожнага мастака”. Сапраўды, жывапіс А. Еўдакіменка адрозніваецца разнастайнасцю вобразнай пластыкі, далікатнай гармоніяй ў каларыце і сэнсавай глыбіней.

Мастацтвазнаўца галерэі “Мастацтва” Ксенія Ралінская

 

Апошнiя навiны