Выстава «Арт-камбінат» (4.04 - 15.04.2018)

4 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы "Арт-камбінат". Арганізатарамі выставы з’яўляюцца грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз мастакоў” і яго ўнітарныя прадпрыемствы, а таксама куратарская группа, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз мастакоў”, вядомы мастак-жывапісец Глеб Анатольевіч Отчык.

Мастакі, што з’яўляюцца сябрамі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, надзвычай плённа працуюць над выкананнем шматлікіх праграм у галіне эстэтычнага выхавання грамадзян нашай краіны. На іх рахунку дзясяткі аформленых дзяржаўных аб’ектаў. Гэта Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны музей Вялікай Айчыннай вайны, Палац Незалежнасці ў Мінску, Нацыянальны тэатр оперы і балета, Мірскі замак, замак у Нясвіжы і многія іншыя аб’екты.
Акрамя таго, у сістэме ГА “Беларускі саюз мастакоў” існуюць мастацкія камбінаты, якія вырабляюць творы мастацтва. Найперш, гэта УП “Камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М.Кішчанкі”. Ён з’яўляецца адзіным прадпрыемствам на тэрыторыі краін СНД, дзе ствараюцца творы ручнога мастацкага ткацтва – габелены, розныя па стылю, тэхніцы выканання, колеравай гаме: ад невялікіх да манументальных палотнаў памерам звыш 100 кв.м. Камбінат вырабляе мастацкія вырабы з машыннай вышыўкай, сцэнічнае адзенне і элементы архітэктурнай, мастацкай і рэстаўрацыйнай керамікі.
Выкананнем твораў манументальнай скульптуры займаецца УП “Скульптурны камбінат”. Ён з’яўляецца вядучым скульптурна-вытворчым комплексам у Рэспубліцы Беларусь. У яго сценах ствараліся такія знакавыя манументальныя аб’екты як помнікі Францыску Скарыне, Янке Купале, сталічныя мемарыялы “Беларусь партызанская”, “Трасцянец”, “Сынам Айчыны”, шматлікія іншыя маштабныя творы.
Афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў ажыццяўляе УП “Мастацкі камбінат”. Ён адказвае за стварэнне мастацкіх роспісаў, вітражоў, мазаікі, керамікі, люстраў, а таксама музейных экспазіцый.
Тэхналогіі вытворчасці мастацкіх твораў пастаянна ўдасканальваюцца, і нашы прадпрыемствы маюць патрэбу ў пераўзбраенні і мадэрнізацыі. Сёння шырока распаўсюдзіліся такія тэхналагічныя з’явы як напрыклад 3D прынтэр, устаноўка, якая робіць роспіс на сцяне, станкі, якія набіраюць мазаікі, кампутарызацыя праектаў і эскізаў. Але ўсе гэтыя тэхналогіі пазбаўлены ручной працы і не нясуць мастацкага вобразу і духоўнай напоўненасці.
Асноўнай ідэяй выставы з’яўляецца папулярызацыя і рэклама мастацкіх камбінатаў і іх дзейнасці з мэтай пашырэння сувязяў і кампаньёнскіх адносін на еўрапейскі і азіяцкі рынкі, а таксама распрацоўка канцэпцыі развіцця ў новых эканамічных умовах.
Нягледзячы на хутка бягучы час і зменлівую эканамічную сітуацыю ў свеце, “АРТ-КАМБІНАТЫ” маюць сваю гісторыю, традыцыі і багатую спадчыну. Самае галоўнае, што яны захавалі самабытнасць і старадаўнюю школу, таму на выставе можна будзе ўбачыць шэраг майстар-класаў з удзелам мастакоў і прымяненнем тых тэхнік, якія ўжываюцца пры выкананні заказаў. 
Падчас выставы будуць арганізаваны прэс-канферэнцыя, круглыя сталы, сустрэчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў.

Тэрмін правядзення выставы: 
з 5 па 15 красавіка 2018 года, штодзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 19.00. 
Тэлефоны для даведак: 
+375 (29) 630-12-89 – куратар, Глеб Анатольевіч Отчык
(017) 296-67-84 – Беларускі саюз мастакоў.
(017) 288-15-49 – Рэспубліканская мастацкая галерэя (Палац мастацтва)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнiя навiны