Выстава Уладзіміра Слабодчыкава «Сублімацыя формы» ў Нацыянальным мастацкім музеі

27 лютага 2018 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава Уладзіміра Слабодчыкава «Сублімацыя формы».

Уладзімір Слабодчыкаў – скульптар, які ўпершыню заявіў пра сябе ў беларускім мастацтве ў пачатку 1970-х. Ужо больш за 40 гадоў гэты мастак дэманструе глыбока індывідуальную пазіцыю ў мастацтве. У сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Слабодчыкаў займаецца вельмі разнастайнымі відамі і жанрамі скульптуры – ад нацыянальна-арыентаваных пошукаў да фармальных эксперыментаў. Дыяпазон яго праектаў уражвае: ад камернай пластыкі да маштабных манументальных помнікаў на радзіме і за мяжой.

Майстар займае актыўную сацыяльную пазіцыю. З 1975 г. Слабодчыкаў выкладае, з 1989 г. – узначальвае кафедру скульптуры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1983 г. – член Беларускага саюза мастакоў (у 1988–1989 і 2005–2008 узначальваў секцыю скульптуры). На сённяшні дзень гэта аўтарытэтная фігура ў сферы беларускай культуры. Ён прымае актыўны ўдзел у асноўных стратэгічных рашэннях Саюза мастакоў. У 2011 годзе ўдастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Прафесар Слабодчыкаў з’яўляецца Ганаровым членам Расійскай акадэміі мастацтваў і членам Каралеўскага таварыства брытанскіх скульптараў.

Выстава У. Слабодчыкава «Сублімацыя формы» рэтраспектыўная. Аўтар дэманструе свой асноўны формаўтваральны прынцып на працягу ўсяго творчага шляху. Сублімацыя формы – гэта ў першую чаргу спроба пазбавіць форму матэрыяльнасці. Для Слабодчыкава адчуванні, пачуцці, ідэі пераносяцца ў застылую форму, у спынены вобраз, жэст. Працуючы над сваімі творамі, Уладзімір падбірае неабходную пластычную мову, каб паказаць шматграннасць аб’екта, яго здольнасць увасабляць не канкрэтнае, а абстрактнае або шматвобразнае паняцце.

Уладзімір Слабодчыкаў увесь час у пошуку. Для яго важна не толькі знайсці тэму, але і адшукаць найбольш дакладнае фармальнае рашэнне. Безумоўна, адзін з цэнтральных лейтматываў яго твораў – гэта Чалавек як філасофская катэгорыя. Увасабленне важных архетыпаў у свядомасці чалавецтва для скульптара перш за ўсё – распрацаваць аўтарскае бачанне, знайсці завяршальную форму, выразную дэталь-знак і давесці характар да сімвалічнага гучання.

Уладзімір Слабодчыкаў – мастак-даследчык. Займаючыся трансфармацыяй вобраза і тэмы, аўтар здолеў распрацаваць сваю пазнавальную мову скульптуры. Яго скульптура заўсёды мае выразны сілуэт, дзе паверхня і пластыка спалучаюць такія прыёмы, як суадносіны экспрэсіўнай лепкі з выразным геаметрызмам контураў і адкрытай прасторай. Часта ён дасягае такога спалучэння, уводзячы ў свае кампазіцыі рашэцістыя структуры. Рашотка, якая пачынаючы з ХХ стагоддзя стала адной з «эмблем» авангардных эксперыментаў у мастацтве, атрымлівае ў працах Уладзіміра Слабодчыкава новае прачытанне. Рашоткі тут – гэта не жорсткія структуры з абмежаваннем, яны паветраныя, лёгкія, як правіла, перадаюць стан накіраванасці, палёту. Гэта нібы алегорыя ваганняў паміж матэрыяльным і духоўным. Тут ідэальна падыходзіць заўвага вядомага амерыканскага аналітыка сучаснага мастацтва Разалінды Краўс: «Міф рашоткі заключаецца ў тым, што яна прымушае нас думаць, быццам мы маем справу з матэрыялізмам, з навукай, з логікай, адначасова адводзячы нас у сферу веры, ілюзіі, фантазіі». І, мабыць, гэтая трыяда – вера, ілюзія, фантазія – характарызуе ўсю творчасць Уладзіміра Слабодчыкава.

На выставе прадстаўлена звыш 60 скультурных твораў з калекцыі аўтара і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Куратар выставы: Вольга Архіпава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

(+375-17-328-68-36).

Фотаздымкі са старонкі: http://www.artmuseum.by/ru/news/novosti-2018/fotootchyot-otkrytie-personalnoj-vystavki-skulptury-vladimira-slobodchikova-sublimaciya-formy
Відэа Канстанціна Паўлава: https://www.youtube.com/channel/UCOupP3tvsAlJa5a4GrH1-hQ 

Апошнiя навiны