Выстава «Паэтыка пейзажа Сямёна Дамарада» ў Нацыянальным мастацкім музеі 

10 студзеня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава “Паэтыка пейзажа Сямёна Дамарада”, на якой будуць прадстаўлены творы з майстэрні аўтара.

Сямён Уладзіміравіч Дамарад нарадзіўся 2 кастрычніка 1948 года ў Бабруйску. Першыя крокі ў мастацтве яму дапамагаў рабіць бацька, вядомы мастак-графік Уладзімір Аляксандравіч Дамарад. У 1958–1964 гг. Сямён Дамарад займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва бабруйскага Дома піянераў пад кіраўніцтвам Б.Ф. Бяляева. У 1968 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, а ў 1976 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго настаўнікамі былі вядомыя мастакі Г.Х. Вашчанка, У.І. Стэльмашонак, А.В. Бараноўскі.

Першая персанальная выстава Сямёна Уладзіміравіча адбылася ў 1972 г. З 1985 г. С.У. Дамарад – член Беларускага саюза мастакоў.

Сямён Уладзіміравіч Дамарад за гады сваёй творчай дзейнасці працаваў у розных жанрах: манументальным жывапісе, партрэце, нацюрморце. Але ў апошнія дваццаць гадоў яго любімым жанрам стаў пейзаж. Дамарад доўгі час быў вядомы як адзін з найлепшых беларускіх акварэлістаў. І хоць у апошнія гады ён аддае перавагу жывапісу, у яго работах адчуваецца ўплыў акварэльнай тэхнікі. Пейзажы Дамарада выкананы ў рэалістычнай манеры, але пры гэтым надзвычай рамантычныя і паэтычныя паводле настрою. Колеры мяккія, без рэзкіх кантрастаў, але вельмі насычаныя эмацыйна, поўныя святла і паветра. Дамарад – мастак імпрэсіяністычнага светаадчування, яго пейзажы – гэта “пейзажы настрою”, жывапісец імкнецца ўлавіць уражанне ад імгнення, якое адыходзіць. Таму на яго палотнах часта прадстаўлены пераходныя станы прыроды – вясна і восень, вечар і раніца, – калі яе зменлівасць праяўляецца асабліва інтэнсіўна.

Работы Сямёна Уладзіміравіча Дамарада знайшлі свайго гледача не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Яго персанальныя выставы праходзілі ў Беларусі (Мінск, Бабруйск), Германіі (Мюнхен, Майнц), Аўстрыі (Куфштайн, Шэфау). У 2017 годзе работы мастака выстаўляліся ў Палацы Незалежнасці ў Мінску і ў Расійскім доме навукі і культуры ў Берліне. С.У. Дамарад прымаў удзел таксама ў групавых выставах у Беларусі і іншых краінах.

У 2011 годзе Сямён Дамарад стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Творы С.У. Дамарада знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацваў у Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у атэлі “Еўропа” (г. Мінск), а таксама ў прыватных зборах Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Кітая, Вялікабрытаніі, ЗША і Канады.

Выстава будзе экспанавацца з 10 студзеня да 11 лютага 2018 года.

Інфармацыя са старонкі: http://www.artmuseum.by/by/vyst/bliz/vystava-paetyka-pejzazha-syamyona-damarada 

Апошнiя навiны