500 гадоў. Мастацтва, кніга і мастацтва кнігі.

З 23 лістапада па 3 снежня 2017 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  у межах праекта «Скарыніяна» працавала выстава «500 гадоў. Мастацтва, кніга і мастацтва кнігі», на якой экспанаваліся творы Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі, Валянціны Шоба, Уладзіміра Даўгяла. Куратар выставы – Ала Зміева.

Прыналежнасць Беларусі да сусветнай культурнай спадчыны адлюстравана на старонках шматлікіх твораў беларускага кніжнага мастацтва. Традыцыя, якой сёлета спаўняецца 500 гадоў, закладзеная нашым выбітным суайчыннікам Францыскам Скарынай з гонарам працягваецца нашымі таленавітымі сучаснікамі, імены якіх вядомы далёка за межамі Беларусі.

Праз стагоддзі святло асоб выдатных гуманістаў з Беларусі нагадвае нам аб адказнасці за лёс нашай гісторыі, якая захавана у спадчыне, што мы пакідаем нашчадкам. Еўрапейская культура, да якой належыць Беларусь, з цікавасцю назірае за станаўленнем маладой дзяржаўнасці беларускага народа, які пры тым мае багаты гістарычны вопыт.

Павел Татарнікаў, Юрый Якавенка, Валянціна Шоба, Уладзімір Даўгяла – імёны не аднойчы адзначаныя міжнароднымі ўзнагародамі. Кожны з мастакоў, які ўдзельнічае ў праекце «500 гадоў», з’яўляецца ўнікальным майстрам годным прадстаўляць Беларусь сваімі творамі на самых аўтарытэтных пляцоўках у свеце мастацтва графікі і кнігавыдання.

Шчодра ілюстраваныя выданні, у якіх замацаваны культурныя коды беларускага народа, сёння, як і пяць стагоддзяў таму, сведчаць аб высокім узроўні нашай духоўнасці. Культурныя пласты, што ўздымаюцца пры гістарычных раскопках моўнага, мастацкага і археалагічнага мінулага, адлюстраваны ў тэмах твораў кожнага з удзельнікаў праекту па-свойму. Алфавіт у гравюрах Ю.Якавенкі адсылае нас да рэнесансных сувязяў беларускага гуманізму з Італіяй, з якой звязана творчая дзейнасць Ф.Скарыны і М.Гусоўскага. Гістарычныя рэканструкцыі П.Татарнікава, увашэдшыя ў выданне «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», падабраны ў праект з улікам мясцін і асоб звязаных з жыццем Ф.Скарыны. Геаграфія значных для беларускай культуры і менавіта ў жыцці Ф.Скарыны гарадоў – Полацка, Падуі, Прагі, Вільні – адлюстроўвае ў працах ўражанні мастака Ул.Даўгяла ад гэтых месцаў. Кожны з твораў поўны метафар і тонкага сімвалізма. І нарэшце глыбінны аўтэнтычны падыход да сакральнага  зместу выдадзенай Скарынай Бібліі выкананы ў аўтарскай тэхніке мастаком В.Шобай з выкарыстаннем беларускай зямлі на антычных дошках, якія ў выніку перадаюць магутную энэргію, што злучае пакаленні. Ўдала дапаўняюць экспазіцыю рэплікі баявых нагалоў’яў з калекцыі Вячаслава Прановіча, створаныя ў мастацкай майстэрні  «Сталёвая Спадчына», якія дадаюць уражанне рэалістычнасці прадстаўленым на выставе рэканструкцыям старажытных гарадоў і славутых бітваў. Ну і безумоўна цікавымі для гледача будуць кнігі – адныя з лепшых выданняў, што з’явіліся ў Беларусі мінулым часам.

Куратар выставы Ала Зміева, выдавец

Апошнiя навiны