Выстава-конкурс «Графіка года»

5 снежня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё  мастацкай выставы-конкурсу секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў «Графіка года».

Мастак і папера… Паміж імі ўтвараецца нейкая сувязь, абмен энергіяй, трохі магіі і…  так нараджаецца графіка. Рэдкі мастак – ці жывапісец, ці скульптар, дызайнер або манументаліст не звяртаўся да гэтага віду выяўленчага мастацтва.

Новы праект «Графіка года» збірае ўсё лепшае, што было зроблена ў графіцы за мінулы год і дае магчымасць гледачу стаць сведкам гэтага сакраманту. Малюнак, акварэль, эстамп (друкаваная графіка) і новыя магчымасці лічбавых тэхналогій прадстаўлены на выставе-конкурсе «Графіка года». Журы конкурсу – вядомыя і аўтарытэтныя мастакі і мастацтвазнаўцы: Валерый Слаук, Леанід Хобатаў, Аляксандр Зінкевіч, Наталля Залозная, Кацярына Ізафатава, Мікалай Паграноўскі – вызначаць лепшых у дзвюх намінацыях: «Арыгінальная графіка» і «Друкаваная графіка».

Беларуская арт-прастора добра падрыхтавана і чакае такой штогадовай падзеі ў выставачным калейдаскопе. Многія нашы мастакі-графікі ўжо даўно і шырока вядомыя ва ўсім свеце. І шматлікія міжнародныя ўзнагароды таму пацвярджэнне. Пара і нам убачыць і ацаніць сваіх майстроў графікі.

Куратар і аўтар праекту, старшыня секцыі графікі БСМ Андрэй Басалыга

Тэрмін правядзення выставы: з 5 па 15 снежня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў. 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнiя навiны