Рэспубліканская выстава «Стольнае места»

13 верасня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё Рэспубліканскай выставы “Стольнае места”. Выстава прымеркавана да 950-годдзя Мінска.

Што з’яўляецца галоўным, вызначальным у вобразе горада? Архітэктурны строй – чаргаванне афіцыйных будынкаў, шырокіх праспектаў, плошчаў побач з утульнымі вулачкамі, завулкамі, бульварамі, скверамі? Або атмасферу горада ў першую чаргу ствараюць людзі, якія тут кожны дзень радуюцца, сумуюць, кахаюць, складаюць планы на будучыню, ходзяць на працу, гадуюць дзяцей, углядваюцца ў сябе або ў  неба. А можа быць пераважнай з’яўляецца гісторыя горада? Першы ўспамін пра Менск у «Аповесці мінулых гадоў» адносіцца да 1067 года ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі паміж полацкім князем Усяславам Брачыславічам і кіеўскімі князямі. Менск, які ў 1499 годдзе атрымаў Магдэбургскае права, а з 1566 года стаў цэнтрам ваяводства, і у перыяд ХV-ХVІ стст. набыў вялікае значэнне як гандлёва-рамесны і палітычны цэнтр дзяржавы. Горад, які меў шмат трагічных старонак, быў не раз моцна разбураны падчас вайны 1654-1667 гг., у перыяд Паўночнай вайны, у вайну 1812 г., у Вялікую айчынную вайну, але кожны раз паўставаў з руінаў і зараз з’яўляецца буйным еўрапейскім горадам, сталіцай – “стольным местам”.

На выставе прадстаўлены Мінск сённяшні і ў кантэксце гісторыі; Мінск у настальгічных успамінах  і вобраз горада будучыні; Мінск як галоўны герой і як сцэна, на якой разгортваюцца жыццёвыя калізіі. Для многіх удзельнікаў выставы Мінск – гэта родны горад, дзе яны з’явіліся на свет і адчулі сябе асобай, а кожная мясціна звязана з прыемнымі ці хвалюючымі ўспамінамі.  Для часткі мастакоў Мінск стаў не менш блізкім, чым месца, дзе яны нарадзіліся. А для кагосьці горад застаецца чужым, халодным, незразумелым.

Экспазіцыя ўключае жывапісныя, графічныя работы, скульптуру, мастацкае фота і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Выстава аб’яднала вядомых мастакоў – сябраў Беларускага саюза мастакоў, а таксама маладых творцаў, студэнтаў і выпускнікоў мастацкіх навучальных устаноў.

Тэрмін правядзення выставы: з 13 па 22 верасня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны