Юбілейная выстава Валерыя Слаука

13 верасня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы вядомага графіка, майстра кніжнай ілюстрацыі Валерыя Слаука.

Творчасць Валерыя Слаука – фантастычная, загадкавая, шматзначная, а разам з тым поўная тонкай іроніі – стала адной з самых яркіх з'яў у сучаснай беларускай графіцы. Яго почырк адразу пазнаецца, работы вызначаюцца надзвычайнай дакладнасцю, ювелірнасцю, выверанасцю і гарманічнасцю ліній, дзіўнай, жывой дынамікай персанажаў, якія з чароўнай грацыёзнасцю пераходзяць у нашу штодзённасць. У скрупулёзнай дакладнасці малюнка можна ўгледзіць цікавы парадокс, калі прыёмы акадэмічнага малюнка, створанага для адлюстравання рэальнага свету, мастак выкарыстоўвае для апісання няўлоўнага, пачуццёвага свету міфалогіі. Графіка Валерыя Слаука патрабуе ўважлівага, удумлівага гледача, які ўслед за аўтарам зможа паглыбіцца ў фантасмагарычны, дзіўны свет. Шырока вядомыя ілюстрацыі майстра да кніг “Айвенга” Вальтэра Скота, “Чорны млын” Юрыя Брэзана, “Шляхціч Завальня” Яна Баршчэўскага, “Вясна ўвосень” Уладзіміра Караткевіча, да беларускіх народных казак “Удовін сын”, “Алёнка”, да кнігі казак “Цудоўны свет” і мноству іншых.

"... У мяне хапае шчасця радавацца і жыццю, і сваім сябрам, і сваёй любімай справе, якой мяне адарыў Бог. Вядома, і ў мяне здараюцца хвіліны, гадзіны і нават дні незадаволенасці сабой, але заўсёды на выручку прыходзіць мая справа. Проста не даю сабе расслабіцца. А пачынаеш займацца справай – і сумненні ў сваім душэўным дабрабыце адступаюць. Гэта – мой паплавок ... ",  – кажа Валерый Слаук. 

Валерый Пятровіч Слаук

Нарадзіўся 7 красавіка 1947 года ў Коханава Віцебскай вобласці. Вучыўся ў В. Шаранговіча. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1977 годзе.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прэміі "Лепшы ілюстратар года" (2008), прэміі "Залаты фаліянт" у намінацыі "Лепшы майстар" Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2008"; уладальнік дыплома Рэспубліканскага конкурсу "Мастак і кніга" у намінацыі "Лепшы мастак" (2009), уладальнік дыплома 1 ступені Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" (Масква, 2009). Удзельнік мастацкіх выстаў з 1978 г. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010) і медалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве" грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў"; лепшы мастак Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (2014), лаўрэат VII Усерасійскага конкурсу кніжнай ілюстрацыі “Вобраз кнігі" (2014). Прафесар кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Тэрмін правядзення выставы: з 13 па 22 верасня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

 

 

На афішы выкарыстаны здымак Яўгена Колчава

Апошнiя навiны