Выстава «Арт-тэрыторыя «Асмолаўка»

13 верасня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё выставы “Арт-тэрыторыя “Асмолаўка”.

Выстава прысвечана аднаму з раёнаў горада Мінска – Асмолаўцы, які быў пабудаваны ў пасляваенны час і захаваўся па сённяшні дзень. На той час гэта адзін з найпрыгажэйшых добраўпарадкаваных раёнаў сталіцы Беларусі.

Сёння пад адным дахам – і жыхары гэтага раёна, і мастакі, сябры творчых саюзаў Беларусі, чые творчыя майстэрні размешчаны на верхніх паверхах гэтых жа дамоў. Накіраванасць іх работ вызначаецца неабходнасцю заказаў, тэматыкай выстаў ці творчым пошукам самога мастака. Не абмінаюць яны ўвагай у сваёй працы і сам раён Асмолаўкі, прывабны сваёй маляўнічасцю і гісторыяй. Удзельнікі выставы прадставілі каля 40 твораў, выкананых з натуры або ў майстэрнях. Работы зроблены ў рэалістычнай манеры ў тэхніках жывапісу, графікі, акварэлі.

Праектам «Арт-тэрыторыя «Асмолаўка» мастакі хочуць прыцягнуць увагу да гэтага кутка горада, які нясе на сабе пячатку гісторыі сталіцы нашай Радзімы. Бо можна зрабіць яго экскурсійна-прывабным, добраўпарадкаваць без вялікіх бюджэтных сродкаў на капітальнае будаўніцтва новых архітэктурных збудаванняў. Уладкаваныя панадворкі, падсветленыя пешаходныя дарожкі, мемарыяльныя дошкі на жылых дамах – пераўтварэнні, якія могуць зрабіць гэты раён цікавым пешаходным маршрутам для турыстаў і жыхароў сталіцы. У гэтым жыхары Асмолаўкі аднадушныя.

Тэрмін правядзення выставы: з 13 па 22 верасня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны