Выстава Сяргея Пыжыкава «У пошуках рая»

27 ліпеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё выставы Сяргея Пыжыкава “У пошуках рая”.

Сяргей Пыжыкаў дызайнер па адукацыі, выкладчык БНТУ, чалавек, які ў вольны час падарожнічае па мясцінах, некранутых цывілізацыяй, фатограф і рамантык-філосаф. Ён з дзяцінства марыў стаць мастаком. Хоць і ў дастаткова сталым узросце, але гэтая мара ўвасобілася ў жыццё.  З 1989 г. ён рэгулярна бярэ ўдзел ў мастацкіх выставах у Беларусі, Расіі, Германіі. Работы Сяргея Пыжыкава экспанаваліся ў Мінску, Маладзечна, Слуцку, Крупках, Нясвіжы, Міры.

Творы Сяргея Пыжыкава – гэта разважанні аб сусветных праблемах і аб месцы чалавека на планеце. Адначасова, гэта і мроі мастака, у якіх рэальнае пераплятаецца з фантастычным. Сам аўтар кажа, што яго карціны «... адводзяць гледача ў нязведаныя далі, дзе няма месца для мітуслівых думак, але ёсць магчымасць спасцігнуць нешта невытлумачальнае, што схавана ў прыродзе і ў нас саміх».

Пейзажы мастака вельмі разнастайныя: ад родных краявідаў да фантастычных іншапланетных ландшафтаў. Асноўнымі элементамі кампазіцый з'яўляюцца стыхіі-сімвалы: неба, зямля, вада, агонь, аблокі. Метафары, якія выкарыстоўвае мастак, ёмістыя і шматзначныя: дрэвы перацякаюць адно ў адно; вогненная лава трансфармуецца ў драўляны ствол, які сыходзіць у нябёсы; аблокі выступаюць як мост паміж небам і зямлёй. Кожнае палатно выклікае шэраг асацыяцый, праз якія перадаецца асноўная ідэя твора.

Пыжыкаў Сяргей Міхайлавіч

У 1982 годзе скончыў вучобу на кафедры дызайну Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Жыве і працуе ў горадзе Мінску. Сябра Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў жывапісу, графіцы. Работы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Англіі, Турцыі, Ізраіля, Швейцарыі, ЗША, Італіі, Канады. Шэраг работ знаходзіцца ў фондах Мастацкага музея города Тулы.

Тэрмін правядзення выставы: з 27 ліпеня па 6 жніўня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

Апошнiя навiны