Рэспубліканская выстава партрэта «Псіхалогія вобаза»

7 чэрвеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё Рэспубліканскай выставы партрэта “Псіхалогія вобаза”.

Партрэтны жанр у выяўленчым мастацтве, мабыць, самы складаны, які патрабуе не толькі тэхнічнага майстэрства, дакладнага кампазіцыйнага і колеравага вырашэння, але і ўмення паглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека, стаць сапраўдным псіхолагам, які тонка адчувае асобу мадэлі. Партрэт не толькі адлюстроўвае індывідуальнасць чалавека, але і асаблівасці самаго аўтара. Кожны партрэт у пэўнай ступені “аўтапартрэцен”. Мастак ужываецца ў аблічча мадэлі, дзякуючы чаму спасцігае яго духоўную сутнасць.

На выставе прадстаўлены жывапісныя, графічныя, скульптурныя, фота- партрэты, а таксама партрэты, выкананыя мастакамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У кампазіцыях выкарыстоўваюцца элементы мастацкіх канцэпцый розных накірункаў, аўтары імкнуцца ў той ці іншай ступені пераасэнсаваць традыцыі і дасягненні як беларускага, так і сусветнага мастацтва. У характары трактоўкі партрэта пераважае выяўленне асаблівых рысаў чалавека, спробы перадаць складанасць яго асобы, адысці ад ілюстрацыйнасці.

У экспазіцыі шырока прадстаўлены інтымны партрэт, вельмі індывідуалізаваны, часта вырашаны ў лірычным накірунку. Гэта партрэты родных, блізкіх, сяброў. У асноўным працы з ужываннем сінтэзу партрэтнага і жанравага пачатку, актыўным выкарыстаннем выразных магчымасцяў фону, прыёмаў стылізацыі.

Важным напрамкам партрэтнага жанру, выступае аўтапартрэт, шырока прадстаўлены на выставе. Аўтапартрэтныя працы адрознівае высокая шчырасць, імкненне да рэфлексій і філасофскіх разважанняў аб сэнсе жыцця.

Высокую цікавасць у аўтараў выклікае гістарычны партрэт. Мастакі звяртаюцца да вобразаў нацыянальных герояў, вядомых дзеячаў культуры. Важнае месца ў творчасці беларускіх мастакоў займаюць вобразы Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Вітаўта, Семяона Полацкага, Кастуся Каліноўскага, Тадэўша Касцюшкі, Максіма Багдановіча і інш. Пры гэтым, мастакі скрозь прызму гісторыі, імкнуцца асэнсаваць сённяшні дзень.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць партрэты з фондаў Беларускага саюза мастакоў. Гэта працы прызнаных майстроў беларускага мастацтва – Гаўрыілы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стальмашонка, Мая Данцыга і інш. Некаторыя творы напісаны ў манеры «суровага стылю», з яго рэзкай актывізацыяй колеру, малюнка, кампазіцыі, якія адлюстроўваюць актыўнае праламленне мастакамі рэальнасці, эмацыянальнасць, суб'ектыўнасць творчасці.

Тэрмін правядзення выставы:

з 7 па 25 чэрвеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.