Выстава Міколы Купавы «Айчына светлая мая»

7 чэрвеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3)  адбудзецца адкрыццё выставы Міколы Купавы “Айчына светлая мая”, прысвечанай 50-годдзю яго творчай дзейнасці.

Выстава “Айчына светлая мая” – гэта даніна аўтара вялікім і велічным асобам Зямлі беларускай, якія складаюць залаты фонд нашага народа (Вялікалітоўскай гісторыі і культуры), у тым ліку Усяслаў Полацкі, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, кароль Міндоўг, вялікія князі Альгерд, Вітаўт, Ягайла, гетман Канстанцін Астрожскі, Францыск Скарына і юны Франак Скарыніч ды дзесяткі іншых выдатных постацяў нашай краіны, а таксама вялікія песняры зямлі беларускай Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Алаіза Пашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч…

Ад першых самастойных крокаў у мастацтве маладым мастаком быў закладзены высокі стыль служэння ягонага мастацтва справе адраджэння, асветы, рэстаўрацыі занядбаных, або зусім страчаных старонак беларускай гісторыі і культуры. На гэтым шляху творца не ведае адступленняў, сумніву, хістанняў. Кожны крок – новы творчы пошук, наступны твор – новы здабытак, новае гістарычнае або культурнае адкрыццё. Творчасць Міколы Купавы вызначаецца высокай нотай патрыятызму і духоўнасці. Яна напоўнена настроямі і пастаяннымі парывамі безагляднага служэння Бацькаўшчыне, падкупляючы гледача шчырасцю і ўзнёсласцю творчага мыслення мастака, пастаянствам грамадзянскай пазіцыі і светлай любові аўтара да прыгажосці роднай зямлі і нашага народа.

Дыпломную працу ў БДТМІ малады мастак абараніў на выдатна, гэта была серыя лінарытаў на тэму паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у цэнтры падзей, зразумела, быў сам кіраўнік змагання. Пазней мастак яшчэ двойчы звяртаўся да вобраза нацыянальнага героя. У сярэдзіне 70-х гадоў мастак звяртаецца да тэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа, што вылілася ў два альбомы твораў, прысвечаных народным песнярам “Шляхамі Янкі Купалы” (лінарыты) і “Родны бераг песняра” – Якуба Коласа (аўталітаграфіі), а таксама працуе над партрэтамі класікаў беларускай літаратуры, якія нясуць у сабе як народныя яскравыя рысы, так і лірычныя, але заўсёды душэўна ўзрушаныя вобразы, запамінальныя і значныя для беларускай культуры. Манументальным характарам вылучаецца партрэт Цёткі. Шэраг твораў, прысвечаных родным мясцінам Купалы і Коласа і вобразы памятных мясцінаў, дзе ў розныя гады жылі і працавалі песняры – непаўторны і беспрэцэдэнтны ўчынак мастака. Агулам гэта каля чатырох дзесяткаў твораў, сагрэтых сэрцам аўтара. Гэта Вязынка, Акопы, Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Менск, Вільня, віленская зямля і шэраг іншых знакавых мясцін. Мастаку падуладныя і краявіды з моцным мастацкім вобразным абагульненнем кампазіцыі – манументальна-эпічны краявід (“Спрадвечнае. Над возерам Поцех. Браслаўшчына”, 1979 год). Мастак аднолькава прафесійна валодае рознымі тэхнікамі выяўленчага мастацтва, яму падуладныя як жывапіс, так і акварэль, лінарыт, афорт, каляровая аўталітаграфія, малюнак. Многія творы Мікола Купавы ўжо трывала займаюць месца ў шэрагу класікі выяўленчага мастацтва.

Мікола Купава  выдатны ілюстратар кніг беларускіх класікаў літаратуры. Ім аздоблена 38 кніг і альбомаў. Гэта кніга паэтаў свету “Слухайце – Хатынь!..”, творы Цёткі,  лірыка Янкі Купалы, “Паэмы” М. Арочкі , “Браткі” Дануты Бітэль, “Гарадская геральдыка Беларусі”, “Францыск Скарына і яго час”, “Фрэскі” С. Тарасава, “Лебядзіны скіт” У. Караткевіча і інш. Значнае месца ў творчасці мастака займае аздабленне беларускіх народных казак. Гэта любімая тэма майстра.

У 2016 годзе мастак завяршыў аздабленне знакавай кнігі для Вялікалітоўскай культуры “Пруская вайна”, аднаго з знаных паэтаў-лаціністаў ВКЛ Яна Вісьліцкага (Грунвальдская бітва) да 500-годдзя яе выхаду з друку. У 1988 годзе за аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” мастак удастоены высокай ўзнагароды ў галіне кніжнага мастацтва нашай краіны Дыпломам і медалём Францыска Скарыны. 

Мастацтвазнаўца Таццяна Маркавец-Гаранская

Мікола Купава

- Нарадзіўся 31. 01. 1946 г. у Оршы.

- 1963 – 1968 – навучанне ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Настаўнік – Алег Луцэвіч.

- 1976 – скончыў навучанне на аддзяленні графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Настаўнікі: прафесар П. Любамудраў, дацэнт В. Шаранговіч.

- З 1972 пачынае выставачную дзейнасць.

- З 1978 – сябар Беларускага саюза мастакоў.

- 1976 – 1978 працуе выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча.

- 1982 – 1984 мастацкі рэдактар часопіса “Маладосць”

- 1990 – 1996 – намеснік дырэктара Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў.

- Адзін з заснавальнікаў суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў.

- 1998 – 2004 – старшыня суполкі “Пагоня”.

- 2002 – 2006 – выкладчык малюнка і акварэлі на Архітэктурным факультэце БНТУ.

- Працуе ў галіне кніжнай і станкавой графікі, акварэлі, жывапісу.

- Выканаў мастацкае аздабленне 38-мі кніг і выданняў.

- Лаўрэат прэміі Беларускага фонду Тадэвуша Касцюшкі – 1996.

- За мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988) узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны.

- Пераможца конкурсу “Вечныя гарады” і ўзнагароджаны паездкай у Рым – 1996.

- Браў удзе болей як у 90 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах. У тым ліку персанальная выстава ў Бруклінскай царкве імя К. Тураўскага – 2007, а таксама калектыўная выстава ў Кангрэсе ЗША ў Вашынгтоне – 2010.

- Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Мінскім абласным музеі ў Маладзечне, Музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны, Музеі-запаведніку “Заслаўе”, Беларускім музеі ў Нью Йорку, а таксама ў прыватных зборах замежжа.         

Тэрмін правядзення выставы:

з 7 па 18 чэрвеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка.

Тэлефоны для даведак:

(017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва 

(017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў. 

 

Апошнiя навiны