Запрашэнне да ўдзелу ў пленэры, прысвечаным 200-годдзю Станіслава Манюшкі

Сябры Беларускага саюза мастакоў запрашаюцца да ўдзелу ў пленэры, прысвечаным 200-годдзю Станіслава Манюшкі. Мрапрыемства адбудзецца 5 лютага ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай  культуры (Верхні Горад, Музычны завулак, д.5). За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся ў офіс БСМ.

У 2019 годзе ў гісторыі айчыннай і сусветнай культуры важны Юбілей – 200 год з дня народзінаў Станіслава Манюшкі. Яго імя з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх.

С. Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэтральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклёрам. Пазней Манюшка працаваў ў Вільні – колішняй сталіцы нашай дзяржавы – як арганіст касцёла св. Яна. Ужо потым пераехаў ў Варшаву, дзе стаў таксама класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.

У гэтым сэнсе роля папулярызацыі ў беларускім грамадстве імя Манюшкі і яго мастацкіх дасягненьняў прадстаўляецца надзвычай істотнай.

АДКРЫЦЬЦЁ  ГОДА  МАНЮШКІ ўжо адбылося ў Мінску 5 студзеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай  культуры (Верхні Горад, Музычны завулак, д.5), дзе прайшла Прэс-канферэнцыя арганізатараў цыкла мерапрыемстваў, музычная прэамбула і тэматычная экскурсія. Удзельнікі адкрыцця: кіраўнік творчага аб’яднаньня “Беларуская Капэла”, заслужаны артыст Беларусі Віктар СКОРАБАГАТАЎ, дырэктар Музея Зінаіда КУЧАР, кіраўнік Ансамбля “Вытокі”, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей ФРАЛОЎ.

Нарадзіўся Манюшка 5 мая… Таму 5 дня кожнага месяца арганізатарамі  запланаваны пэўныя мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму вялікаму музычнаму Класіку.

Бліжэйшая вечарына 5 лютага будзе складацца з двух частак:

У 16-00 у Музеі (Музычны завулак, д.5) збяруцца беларускія мастакі (сябры Саюза мастакоў Беларусі), якім Зінаіда Кучар і Аляксей Фралоў, а таксама знаўца эпохі, кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч прадставяць панараму тэмаў, звязаных з Манюшкам, і якія могуць быць прапанаваны для вобразных увасабленняў у творах жывапісу і пластыкі. Такім чынам распачнецца мастацкі пленэр, прысвечаны 200-годдзю Класіка музыкі. Па яго выніках будзе праведзены конкурс, і лепшыя работы будуць выбраны ў фонды музеяў.

У 17-00 для шырокай публікі распачнецца новая музычная праграма Ансамбля “Вытокі”, якая будзе прысвечана эпосе Манюшкі і яго асяроддзю на Міншчыне. “Кола Манюшкі” – чарговая эксклюзіўная праграма “Вытокаў” адкрые і славутыя, і невядомыя раней імёны. Колькасць месцаў у зале абмежаваная, таму пра квіткі на такую цікавую праграму трэба парупіцца загадзя.

 

Апошнiя навiны