Вечар памяці, прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Мая Вальфовіча Данцыга (1930 – 2017) у Нацыянальным мастацкім музеі

24 красавіка 2018 года а 17-й гадзіне адбыўся вечар памяці, прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальніка ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны Мая Вальфовіча Данцыга (27.04.1930 – 26.03.2017).

Мастацкая спадчына М.В. Данцыга займае значнае месца ў гісторыі нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя. Ён належаў да тых мастакоў, для якіх прынцыпова важным з’яўлялася не столькі адкрыццё новых тэм, колькі наватарскі і свежы погляд на тэмы ўжо вядомыя. «Заўсёды хацелася зрабіць нешта насуперак, не тое, што робяць усе. Бо самае цікавае ў мастацтве нават не новая тэма, а старая, узятая і вырашаная па-новаму», – падкрэсліваў Майстар. І менавіта гэта імкненне «насуперак» нараджала грандыёзныя па задуме і наватарскія па форме творы Мая Данцыга, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд нацыянальнага мастацтва.

Імя народнага мастака Беларусі добра вядома і за межамі Беларусі. Напрыклад, у 2015 годзе манументальным палатном М.В. Данцыга «И помнит мир спасенный» адкрывалася выстава «Спадчына Другой сусветнай вайны ў рускім мастацтве» ў Лондане ў сусветна вядомай Галерэі Саатчы (са збору Фонду Art Russe (Расія, Масква). Творы Майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Расія, Масква), Беларускімдзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Інстытуце рускага рэалістычнага мастацтва (Расія, Масква), Фондзе Art Russe (Расія, Масква), Музеі рускага мастацтва (The Museum of Russian Art, TMORA) у Мінеапалісе (ЗША) і інш., а таксама ў прыватных калекцыях Азербайджана, Беларусі, Бельгіі, Германіі , Ізраіля, Італіі, Малдовы, Расіі, ЗША і інш.

Акрамя заняткаў жывапісам, якія лічыў для сябе прыярытэтным, М.В. Данцыг больш за паўстагоддзя прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён прапрацаваў аж да 2011 года, выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх мастакоў.

Успомніць пра тое, якім быў гэты чалавек, перагартаць старонкі яго жыцця, творчасці прыйдуць калегі, сябры, вучні, блізкія і родныя людзі Мая Данцыга. Успаміны тых, хто прыйдзе, дапоўняцца яркімі музычнымі нумарамі ў выкананні прафесійных артыстаў, праглядам апошняга прыжыццёвага інтэрв’ю Майстра і многім іншым.

Таксама на працягу месяца (20.04 – 20.05.2018) будзе дзейнічаць пашыраная экспазіцыя жывапісных твораў М.В. Данцыга з фондаў музея «МИР! ТРУД! МАЙ!».

 

Апошнiя навiны