Праект «Майстэрня. Гiсторыя аднаго мастака» на тэлеканале «Беларусь 3»

29 мая ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" стартаваў новы арыгінальны праект "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака". Тэлегледачы сацыякультурнага канала ўбачаць цыкл фільмаў-партрэтаў пра тое, як жывуць і пра што мараць сучасныя майстры.

Галоўным героем прэм'ернай серыі праекта стаў вядомы беларускі мастак Анатоль Кузняцоў. Ён напісаў больш за тысячу палацен, якія ўражваюць уяўленне і займаюць дух. "Каларыстычныя прасторы", "Белая сюіта", "Вібрацыі святла", "Вяртанне ў Егіпет", "Метафара забытых ісцін" - асноўныя серыі работ майстра, пра якія гавораць ва ўсім свеце.

Неацэнны ўклад Анатоля Кузняцова ў мастацтва прызнаны на дзяржаўным узроўне: мастак з'яўляецца лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Першы выпуск "Майстэрні" распавядзе гісторыю станаўлення Анатоля Кузняцова як мастака-беспрадметніка, а таксама паведаміць пра тое, што павінна адбыцца з майстром, каб з рэалізму ён сышоў у нефігуратыўны жывапіс.

Дарэчы, работы Кузняцова знаходзяцца не толькі ў беларускіх музеях, галерэях і прыватных калекцыях - тварэнні яго пэндзля можна сустрэць у Латвіі, Германіі, Італіі, Японіі, ЗША, Расіі, у тым ліку ў Трэцьякоўскай галерэе.

Героем другога выпуску праекта, які гледачы ўбачаць 5 чэрвеня, стане Аляксандр Касцючэнка - галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У наступных серыях новага праекта гледачы змогуць не толькі ўбачыць, як ствараецца сапраўднае мастацтва, але і дазнацца пра шмат цікавостак і незвычайных гісторый, напрыклад, хто са знакамітых беларускіх майстроў быў адлічаны з мастацкага вучылішча за прафесійную непрыдатнасць і чые працы неўзабаве з'явяцца ў падручніках па гісторыі.

Праект "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" будзе выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" кожны панядзелак а 19:50.

Інфармацыя са старонкі http://www.3belarus.by/content/na-bielarus-3-premjera-prajekta-majsternia-gistoryja-adnago-mastaka 

Апошнiя навiны